Месца пачатку экскурсіі: 8.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі).
Старадаўняя дарога ад Валожына да Крэва праходзіць праз Вішнева, Багданава, Гальшаны, Баруны — паселішчы, якія яшчэ да канца 30-х гадоў XX стагоддзя імянаваліся мястэчкамі. Такія мястэчкі пачалі ўзнікаць у Беларусі ўжо ў XIV стагоддзі паблізу праваслаўных і каталіцкіх кляштараў, магнацкіх маёнткаў, на скрыжаваннях гандлёвых шляхоў.
Валожын стаіць сярод неабсяжных лясоў Налібоцкай пушчы. З 1407 года горад вядомы як уладанне вялікага князя Вітаўта, пасля тут кіравалі князі Валожынскія, магнаты Гаштольды, Радзівілы, Тышкевічы… Пры апошніх у пачатку ХІХ ст. тут узводзяцца ў стылі класіцызму манументальныя пабудовы графскай рэзідэнцыі і касцёла, якія і дагэтуль вызначаюць архітэктурную асобу горада, яго галоўнай плошчы. Дамінантай галоўнай плошчы з'яўляецца вытанчаны касцёл Св. Юзэфа (1816 г.). Імпазантная рэзыдэнцыя Тышкевічаў (1806) уключае ў сябе палац, флігель і аранжарэю; вонкавы агляд. У Валожыне Вы таксама пачуеце пра багатую яўрэйскую гісторыю гэтага старажытнага мястэчка, даведаецеся пра яго знакамітых ураджэнцаў. Захавалася ў Валожыне знакамітая ў мінулым яўрэйская духоўная семінарыя — эшыбот (ешыва), дзе з 1803 года вывучалі Талмуд і Тору і рыхтавалі рабінаў. У гэтай навучальнай установе фармавалася аблічча ўсходнееўрапейскага юдаізму. У свой час семінарыю з гонарам звалі "Маці эшыботаў". У адрэстаўраваным у 2024 годзе будынку размешчана музейная экспазіцыя, якая расказвае пра гісторыю ешывы, яе знакамітых выпускнікоў, яўрэйскую культуру і традыцыі. Музей сучасны, высокатэхналагічны — наведванне музея. А перад будынкам — выразная скульптурная кампазіцыя Дзмітрыя Аганава "Равін і паэт".
Абед.
Вядомы з XIV стагоддзя маёнтак Вішнева пачынаючы з 1600 года на працягу амаль трох стагоддзяў уваходзіў у склад уладанняў уплывовых магнатаў Храптовічаў. Гісторыя гэтага мястэчка звязана з імёнамі Іаахіма Храптовіча — вядомага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча канца XVIII стагоддзя; Сымона Буднага — вядомага дзеяча Рэфармацыі і многімі іншымі. У Вішневе Вы ўбачыце старажытны Дабравешчанскі касцёл 1641 г. з багатай гісторыяй; роспіс інтэр'ераў касцёла выканаў Фердынанд Рушчыц. Тут, у Вішневе, у 1923 годзе нарадзіўся Шымон Перас — былы прэм'ер-міністр Ізраіля, дзевяты прэзідэнт Ізраіля (2007-2014 гады); лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1994 года; мемарыяльную дошку на месца яго дома Вы таксама ўбачыце падчас экскурсіі.
Помнікі мураванага дойлідства Гальшан займаюць прыкметнае месца ў культурнай спадчыне Беларусі. Яны паказваюць выразныя прыклады палацавага, культавага, грамадзянскага і жылога будаўніцтва. У Гальшанах Вас чакаюць жывапісныя руіны апісанага Караткевічам "Чорнага замка" Сапегаў канца XVI ст. і комплекс францысканскага кляштара з цудоўным храмам Іаана Прадтэчы; тут Вы даведаецеся аб багатай гісторыі гэтага былога маляўнічага мястэчка і пачуеце мноства легенд пра прывіды... Палацава-замкавы ансамбль роду Сапегаў — Гальшанскі замак — дайшоў да нас у маляўнічых руінах. Зараз замак рэстаўруецца, ужо гатова адна з вежаў, частка сцен. Наведванне музея ў вежы замка і агляднай пляцоўкі, адкуль адкрываецца цудоўны від на наваколлі… У Гальшанах таксама ацалела характэрная местачковая забудова XIX-XX стст., што надае цяперашняму аграгарадку асаблівае зачараванне.
Старая дарога з Гальшан вядзе ў Баруны. З 1691 г. жыццё гэтага былога мястэчка было моцна звязана з кляштарам, які стаў адным з духоўных цэнтраў уніяцтва на Беларусі. У яго сценах знаходзіцца дагэтуль цудатворны абраз Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы ўсіх засмучаных. Гэты храм адрозніваюць вытанчанасць формаў "віленскага" барока.
І нарэшце, Крэва. Аграгарадок (раней — вялікакняжацкі маёнтак) вядомы з XIV ст., калі тут быў пабудаваны замак, у якім у 1385 годзе была заключана знакамітая ў гісторыі Крэўская ўнія. Маляўнічыя руіны старажытнага замка — адна з найбольш яркіх славутасцяў Беларусі. Крэўскі замак у цяперашні час у працэсе рэканструкцыі, адноўлена адна сцяна. Вонкавы агляд замка. У 1387 годзе ў Крэве з'яўляецца драўляны касцёл — на яго месцы зараз можна ўбачыць пабудаваны ў 1990-х гадах каменны храм Праабражэння Гасподняга. Насупраць яго ўздымае да неба сваю шатровую званіцу праваслаўная царква ў імя Св. Аляксандра Неўскага (1854).
Вяртанне ў Мінск каля 18.30.
Включено в стоимость тура
Праезд аўтобусам туркласу
Экскурсія па маршруце
Экскурсія па Валожыну
Экскурсія ў музей Валожынскай ешывы
Наведванне Дабравешчанскага касцёла 1641 г. у Вішневе
Экскурсія па Гальшанах: замак і храм
Наведванне музея ў вежы замка і агляднай пляцоўкі