Пачатак экскурсіі: 9.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі).
Наваколлі беларускай сталіцы маюць нямала славутасцяў. Мы выбралі для нашага падарожжа беларускі скансэн (яму ўжо споўнілася 40 гадоў) і новенькую сядзібу-музей, якой толькі другі годзік. Невялікая адлегласць — але яна змясціла амаль за 1 000 гадоў нашай гісторыі! Легкая і такая цікавая экскурсія прыйдзецца Вам да спадобы, спадарства!
Едзем да Глеба Лабадзенкі — журналіста, паэта, блогера, даследчыка радзівілаўскіх фатаграфій і аўтара цудоўнай кнігі моўных малюнкаў "Дзіцячая заМова". Адпраўной кропкай вандроўкі, як і заўсёды, будзе Менск, але на гэты раз ён сам — яго гісторыя, яго вытокі — будуць галоўнай "зоркай" маршруту. Едзем глядзець вытокі летапіснага Менска — на рацэ Менцы пад велічнымі валамі гарадзішча ХІ стагоддзя ў аднаіменным пасяленні Гарадзішча. Супрацьстаўленне войска Полацкага князя Ўсяслава Чарадзея і войска Кіеўскіх князёў Яраславічаў у сярэдзіне ХІ стагоддзя знайшло адлюстраванне ў хроніцы "Аповесць мінулых часоў" і стала першым успамінам пра горад Менск — пад 1067 годам. Валы Гарадзішча добра захаваліся, з іх вышыні (а гэта 9-ці павярховага дому вышыня!) Глеб Лабадзенка — апантаны журналіст-краязнаўца і заснавальнік у Гарадзішчы музейнай прасторы — раскажа драматычную гісторыю той бітвы, той эпохі; шляхі здрад і перамог, гісторыю інтрыг і саюзаў…
У Гарадзішчы пад старадаўнімі валамі знаходзіцца і каларытная сядзіба-музей "Стары Менск". Пасля смачнага абеда яе гаспадар Глеб Лабадзенка правядзе экскурсію па музеі з ўнікальнымі артэфактамі Х-ХІ стагоддзяў (знаходкі археалагічных раскопаў — іх больш 500). Пад аповед Глеба Лабадзенкі жыцце людзей таго часу стане больш зразумелым, можна будзе ўявіць сабе падзеі тысячагадовай даўніны і зразумець, што Мінск меў слаўны шлях. Цяпер Вы будзеце ведаць, дзе пачынаўся наш Менск! Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка — журналіст, паэт, блогер і заснавальнік самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы "Мова Нанова" — як і заўсёды, падзеліцца моўнымі цікавосткамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя беларускай мовы.
Напрыканцы едзем у Музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы — выдатны музей пад адкрытым небам, дзе дэманструецца народная традыцыйная культура ў звезеных з розных куткоў Беларусі драўляных пабудовах. Вас чакае незвычайнае падарожжа па вуліцах вёскі XIX стагоддзя ў дзіўны свет народнай фантазіі. Свет сыходзячай у нябыт драўлянай Беларусі набывае тут бачныя рысы, жывыя фарбы, гукі і пахі... Вы ўбачыце уніяцкую Свята-Пакроўскую царкву XVIII стагоддзя, велізарны грамадскі свіран, прыдарожную капліцу-ратонду, карчму і млын, кузню, народную школу... А галоўнае — разнастайныя тыпы сельскіх падворкаў. Падчас інтэрактыўнай экскурсіі наведвальнікі падарожнічаюць па музейнай вёсцы і знаёмяцца з дамамі і іх інтэр'ерамі, пасля чаго гуляюць у традыцыйныя гульні і танчаць пад акампанемент жывой народнай музыкі. У гэтым музеі, размешчаным у надзвычай маляўнічай мясцовасці, Вы акунецеся ў цудоўны свет народнай фантазіі, зробіце выдатныя фатаздымкі!
Вяртанне ў Мінск ~17.30.
Включено в стоимость тура
Праезд аўтобусам туркласса
Экскурсійнае суправаджэнне па маршруце
Экскурсія па валах Гарадзішча
Экскурсія ў музей-сядзібу "Стары Менск"
Наведванне Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы
Інтэрактыўная экскурсія па музею з жывой музыкай
Майстар-клас па старадаўніх танцах
Абед на сядзібе
Примечание
Зніжка для дзіцяці да 16 гадоў - 10 рублёў.
Фота: Сяргей Плыткевіч.